Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіця памясьціць у прытулак. Кажа, што яму там будзе добра…

ВАСІЛЬ. Ага… у прытулак, кажаш? Гм… Ну, што-ж… (Паўза).

ЯДЗЬКА. Ну, чаму-ж нічога не кажаш? Як-жа табе гэта здаецца?

ВАСІЛЬ. Гм… А ты што аб гэтым думаеш?

ЯДЗЬКА. Я думаю, што калі ўзапраўды там добра, дык можна папрабаваць. Мне там можна кожны дзень прыхадзіць, паглядзець. А калі пабачым, што там дрэнна, дык заўсёды можна будзе дзіця ўзяць назад.

ВАСІЛЬ (гэты праэкт усьцешыў яго, але ён не паказвае свае радасьці). Але, але… Гэта добрая думка… Калі будзе дрэнна, дык-жа можна ўзяць назад… А нам будзе шмат лягчэй, калі дзіця будзе ня ў нас, а… ў добрых руках.

ЯДЗЬКА. Казала Паўліна, што трэба ахрысьціь. Ня хрышчонае ня прыймаюць.

ВАСІЛЬ. Але… але… Трэба ўжо ахрысьціць… Пара ўжо…

ЯДЗЬКА. Якое дамо імя?

ВАСІЛЬ. Імя? Пачакай, трэба падумаць, гэта важная рэч… Чакай, зараз… (ходзіць па сцэне). Зараз… зараз… О, ужо маю! — Юры! Гэта імя героя маей драмы… Няхай ён будзе Юры на памятку таго, што радзіўся ў той час, як я пісаў гэту сваю драму. Вось ахрэсьцім яго Юры, Юрка! добра?

ЯДЗЬКА. Э, не! Мне гэтае імя не даспадобы. Юрка — гэта неяк брыдка. Вось каб Альфонс — гэта вельмі прыгожае імя.

ВАСІЛЬ. Фу, не! Нейкае чужаземнае, гішпанскае імя.

ЯДЗЬКА. Але, табе заўсёды не падабаецца тое, што падабаецца мне!