Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАУЛІНА. Ну дык вось ахрысьцеце, — папросіш мяне за куму, — і зрабі так, як я казала… Ну, і трэба мне ўжо ісьці, сьпяшаюся да Маневічовай… Ах, сколькі клопату з гэтай лётэрыяй, ты проста не сьцяміш!.. Але нічога не парадзіш. Гэта хрысьціянскі абавязак памагаць бедным… Але, ведаеш, іншы раз бывае і весела. Мы — бачыш — дасталі на лётэрыю з аднаго маёнтку жывую сьвіньню. Кожны хоча выіграць гэты фант, бо-ж сьвіньня гэта не жартачкі! Нясуць людзі няраз апошніе свае маркі, купляюць білецікі, каб выіграць сьвіньню, а мы робім гэтакае шахэр-махэр, што яе ніхто ня выіграе — сьвіньня застаецца да чарговай лётэрыі… Але ты толькі нікому не кажы, бо гэта вялікі сакрэт!.. Ну, бывай здарова! (цалуюцца). Прыдзі калі да мяне! Ведаеш чым я цябе патрактую? — Я дастала запраўднай швайцарскай шоколяды… Прыдзі!.. Бывай здарова!..

ЯДЗЬКА. Бывай, Паўліначка! Дзякую табе за ўсё.

Зьява 2.

ЯДЗЬКА (адна).

ЯДЗЬКА (варочаецца да балеі, апірае на ёй рукі, і задумляецца). Хто ведае! Можа трэба зрабіць так, як казала Паўліна… Мо’ гэтак узапраўды будзе ляпей!.. (бяжыць да калыскі). Мой малюсянькі, мой беднянькі сыночак!.. Сьпіць. Сьпі, анёлачак, сьпі! Мама твая нядобрая, хоча аддаць цябе ў прытулак, але ты ня гневайся, так трэба… Мама твая кожны дзень будзе прыхадзіць да цябе, будзе цалаваць цябе… Сьпі, малюсенькі!..

Зьява 3.

ЯДЗЬКА і КОСТУСЬ.

Праз правые дзьверы высоўваецца галава Костуся. Ен яшчэ не апрануты.