Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯДЗЬКА. Я ўжо неяк пастараюся яго пераканаць. Раней было трудна, але цяпер-жа ён павінен мяне паслухацца. Цяпер у нас дзіця… Ен-жа павінен аб гэтым памятаць.

ПАУЛІНА. А вось а propos гэтага я таксама хацела з табой пагутарыць… Спаткалася я раз з Ягодзінскай, кіраўнічкай дзіцячага прытулку, гутарылі мы аб табе і вось яна сказала, што калі хочаш, дык твайго малога можна там у іх устроіць. Яму там будзе вельмі добра. Там вялікая чыстасьць — немцы аб гэта вельмі дбаюць, добрае малако, акуратны дагляд…

ЯДЗЬКА. А мне можна будзе там хадзіць?

ПАУЛІНА. Я пыталася. Ты можаш кожны дзень там хадзіць і сядзець, колькі хочаш… А то ў такой бядзе гадаваць дзіця! — я ня ведаю, скуль у цябе сіл гэтулькі бярэцца!

ЯДЗЬКА. І я дзівуюся, скуль у мяне яшчэ сілы бяруцца.

ПАУЛІНА. За тое паглядзі на сябе, як ты выглядаіш! Ня мытая, не прычэсаная, абарваная — Бог ведае, да чаго падобная!

ЯДЗЬКА. Праўда, што я зусім ужо апусьцілася.

ПАУЛІНА. Ня трэба так, Ядзька! Пашкадуй сваей моладасьці! Ня трэба так!.. Ну дык што ты аб гэтым думаеш? Згодна?

ЯДЗЬКА. Я сама ня ведаю… Я падумаю… Мо’ ты і добра раіш…

ПАУЛІНА. Ну, ведама, што добра… Хаця покуль што. А пасьля, калі вашы інтарэсы паправяцца, возьмеце свайго малога ізноў да сябе да хаты. Толькі вось яшчэ адно: казала мне Ягодзінская, што ахрысьціць дзіця трэба… Яно ў вас, здаецца, яшчэ не хрышчонае?

ЯДЗЬКА. Яшчэ не. Не было калі, я-ж нядаўна толькі выйшла з дзіцянём з бальніцы…