Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КОСТУСЬ. Ці Васіля няма?

ЯДЗЬКА. Няма. А што вам?

КОСТУСЬ. Не… нічога… Я… выбачайце, што фатыгую… Ці гарбата яшчэ ёсьць?

ЯДЗЬКА. А ведама… У печы стаіць гарачы чайнік. Наліць вам?

КОСТУСЬ. Калі ласка… (прасоўвае праз дзьверы руку са шклянкай).

ЯДЗЬКА (выймае з печы чайнік і налівае Костусю гарбаты). Вы сягоньня доўга спалі…

КОСТУСЬ. Хто сьпіць, той не грашыць… (напалову жартам). А што ёсьць жыцьцё? Можа гэтак сама толькі сон — як нехта сказаў…

ЯДЗЬКА. Ну, вы ўжо ад самага раньня мэлянхолічна настрояны!.. Хочаце сахарыны?

КОСТУСЬ. Не, дзякую, маю кусок цукру… Гэта не мэлянхолія, пані Ядзя! гэта сумнае пераконаньне, што нікому я непатрэбны, што жыву я на сьвеце, як той павук у куце майго пакою; сядзіць сабе адзін і нудна тчэ шэрую павуціну, як шэра-бязколярные дні яго жыцьця.

ЯДЗЬКА. У вашым пакоі завялася павуціна? Як скончу гэту работу (паказвае за балею), дык прыду да вас са шчоткай, пачышчу.

КОСТУСЬ. Ня трэба, няхай!.. Пані! кажуць, што павук прыносіць шчасьце… Бывае, што часам я веру ў гэтакіе рэчы… Няхай сабе сядзіць… Можа за тое я здолею вырвацца з павуціны, што крэпка-густа абматала душу маю…

ЯДЗЬКА. Ад вас гэта толькі залежыць.

КОСТУСЬ. Ад мяне? О, не!

ЯДЗЬКА. А ад каго-ж?

КОСТУСЬ. Калі чалавек пад гіпнозам, ён ня здолее кіраваць сваей воляй.