Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯДЗЬКА. Ах, Божэнька ты мой! Вось дык авантура!.. І нічога ён мне не сказаў!.. Божа мой! Ен і так мае тут гэтулькі ворагаў, усе і так адносяцца да яго, як да чэлавека зьбіўшагася з панталыку, а ён яшчэ ў чужым доме зрабіў гэткую бравэрыю!

ПАУЛІНА. Вось-жа я пра тое, што ня трэба рабіць гэтакіх бравэрыяў. Кожны мае сваю idée fixe, але-ж ня трэба гэта ўсім паказваць, вырываць людзём за сваю idée fixe барады — ха-ха!.. Ты-ж ведаеш, як у нашай Вільні ўсялякая чутка скора разыходзіцца. Тут у нас папсаваць сабе renomé вельмі лёгка. Выбачай, але я табе скажу шчыра: аб тваім Васільку ўжо ўсе інакш ня кажуць, як: гэты звар’яцелы беларускі паэт! Гэта чэлавеку шмат шкодзіць. Дзеля таго яму і трудна дастаць якуюсь добрую службу…

ЯДЗЬКА. Але, але… гэта праўда, Паўліначка! Я сама гэта добра разумею, але што-ж я зраблю? што я зраблю!?

ПАУЛІНА. Ты пастарайся неяк ласкава растлумачыць яму ўсё гэта. Жана павінна мець уплыў на свайго мужа. Вось мой муж, напрыклад, ува ўсім, у кожнай драбніцы слухаецца мяне. Нічога ня зробіць, не параіўшыся раней са мной.

ЯДЗЬКА (з болям). Ах! твой зусім інакшы чалавек!

ПАУЛІНА. Але ўсё-ж такі, як твой дастане ўжо гэтую службу, ты пастарайся угаварыць яго, каб ён гэтак не кідаўся людзём у вочы сваей беларускасьцю. Няхай сабе ў душы думае, што хоча, але навошта-ж заўсёды гаманіць аб гэтай Беларусі і ворагаў толькі сабе нажываць! Бо можа быць непрыемнасьць ня толькі твайму Васільку, але і майму мужу за тое, што протэжырываў такога чалавека.