ПАУЛІНА. Але, падобны… (забаўляіцца з дзіцянём). Ой, ті, ті, ті!.. О, які вясёлы хлапчуга! Сьмяецца!..
ЯДЗЬКА. О, ён ужо даўно ўмее сьмяяцца… Дзіва, якое супакойнае дзіця! плача толькі тады, калі есткі захоча.
ПАУЛІНА (разьвязвае клумак, каторы прынесла). А я табе тут падарунак прынесла… Ведаю, што ў цябе няма зімовага паліта, а цяпер мароз, дык вось я табе аддам сваё старое.
ЯДЗЬКА. Ах, дзякую, Паўліначка, але якжа-ж так?.. Можа табе будзе яшчэ патрэбна?
ПАУЛІНА. Не, я яго ўжо ня буду насіць, — надаела. Ну, апрані, ці добра будзе? Калі трэба будзе перэрабіць, дык я ведаю адну добрую швачку, яна дорага ня возьме. Калі ня маеш грошай, дык я табе на швачку пазычу.
ЯДЗЬКА (апранаецца). Не, зусім, здаецца, будзе добра… Шкада, што ў нас няма вялікага люстра, каб паглядзець… Глянь ты, Паўліна! Як?
ПАУЛІНА. А ведаеш, што бязмала, што добра. Я, як заказвала шыць сабе гэтае паліто, была крыху худзейшай, чымсь цяпер — і вось на цябе яно якраз. Вось тут толькі ў таліі трохі моршчыцца, але гэта глупства, тут трэба трошкі ўрэзаць і пад пахамі крыху сьцягнуць — невялічкая папраўка і будзе добра.
ЯДЗЬКА (цалуюцца). Я — далібог — ня ведаю, як ужо табе дзякаваць, Пауліначка!
ПАУЛІНА. Ну, што там дзякаваць! Насі на здароўе. Мне гэта паліто зусім не патрэбна.
ЯДЗЬКА. Ах, шчасьлівые вы, Паўліначка! Усяго ў вас ёсьць. Твой муж зарабляе шмат грошай.
ПАУЛІНА. Сама ты вінавата, Ядзя, сама!