перэ- сваей маме працаваць. Мама табе кашульку памые, пялёнкі памые, каб ты быў чысьцянькі, прыгожанькі… Ну, ціха? (ідзе да балеі і мые бялізну).
Чуваць стук у дзьверы.
ЯДЗЬКА. Калі ласка…
ПАУЛІНА (уваходзіць). Добры дзень, Ядзька!
ЯДЗЬКА. А! Паўліна!.. (цалуюцца).
ПАУЛІНА. Ну, ледзь я знайшла вашу кватэру! Вось жа высака забраліся!.. Ну, кажы-ж, што ў вас чуваць? Так даўно ня бачыліся!
ЯДЗЬКА. Што чуваць!.. Ад ліха ціха, дабра не відаць — як той казаў… Чаму-ж ты ніколі не прыйшла да мяне, як я ляжала ў бальніцы? Думала, што заглянеш.
ПАУЛІНА. Ах, не паверыш, як я занята… ніколі свабоднай часіны. Вось і цяпер, толькі на адзін мамэнцік… трэба спяшацца. Прасілі мяне, каб я памагла наладзіць дабрачынную лётэрыю. Заўсёды, як якійсьці дабрачынны вечар або лётэрыя — да мяне зьвяртаюцца. Я на гэта майстра… Што-ж ты тут мыеш, бедненькая?
ЯДЗЬКА. Вось мыла пялёнкі… Бяда з гэтым! Парвала на пялёнкі дзьве старые кашулі Васілька і адну сваю — і яшчэ мала.
ПАУЛІНА. Ну, кажы-ж, як-жа цяпер тваё здароўе?
ЯДЗЬКА. А ўжо з кожным днём ляпей, з кожным днём мацнею. Каб я далей ляжала ў гэтай праклятай бальніцы, дык напэўна дагэтуль-бы яшчэ ня ўстала з ложка… Ах, што я там нацярпелася, ня дай Божа нікому!..
ПАУЛІНА. Ну, а як-жа малы гадуецца?
ЯДЗЬКА. Ах, ты яшчэ ня бачыла! О, глянь, Паўліначка, які прыгожы!.. Кажуць, што падобны да мяне, асабліва вочы, — ці праўда?