(налівае). За здароўе пані гаспадыні, каб скарэй выздараўлівала!
ЯДЗЬКА. Дзякую вам.
ВАСІЛЬ (пье). Ну за шчасьлівейшае жыцьцё ў новай хаце!.. А можа і ты, Ядзенька, выпьеш поў чарачкі? — падмацуешся…
ЯДЗЬКА. Не, не, — я піць ня буду. — Васіль! ты-ж забыўся, што трэба падагрэць малако.
КОСТУСЬ. Зараз прыйдзе старажыха, я зайшоў да яе, заплаціў ей што трэба і сказаў, каб прыйшла сюды спечы нам яешню… А вось ужо ідзе і яна…
Зьява 14.
ТЫЕ-Ж і СТАРАЖЫХА (ўваходзіць).
ВАСІЛЬ. Вось добра… Ну, цётка, бярэцеся за работу! Распалеце вагонь, бо я не патраплю, грэйце малако вось ў гэтым саганчыку, а пасьля возьмемся за яешню… Ну, покуль што, Костусь выпьем яшчэ па аднэй чарцы!
СТАРАЖЫХА. Я зараз… Як маланкай спаліць…
КОСТУСЬ. Налі!
ВАСІЛЬ (налівае). Браток!.. Трэба запаліць яшчэ адну сьвечку… Добра? — Хай будзе сьветла, ясна, весела… (запалівае сьвечку). Вось паставім адну тутака каля Ядзькі… Або не! Давай, брат, яшчэ адну запалім, паставім яе вось тут на стале… Далоў цемру! — Хай жыве сьвятло!.. І яшчэ адну… вось тут!..
ЯДЗЬКА. Ды што ты якійсь шабас тут устрайваеш… Пан Костусь купіў для сябе сьвечак, а ты хочаш спаліць ўсё ў адзін вечар…
ВАСІЛЬ. Ах, праўда!.. Выбачай, браток, што я так…
КОСТУСЬ. Ды палі, брат, палі колькі хочаш!