паабецалі: заўтра ды заўтра… Але скуль мы заўтра возьмем — вось цікавасьць! Я ўжо ня ведаю, скуль дастаць.
КОСТУСЬ. Я маю добрае прачуцьцё…
ВАСІЛЬ. Што думаеш? Пойдзеш — там?..
КОСТУСЬ. Але.
ВАСІЛЬ. З чым-жа пойдзеш? Няўжож у цябе яшчэ ёсьць крыху марак?
КОСТУСЬ. Не. Але вось ад каго спадзяюся паратунку — ад гэтага пярсьцёнка. Гэта мой талізман. Ен ня раз ужо ратаваў мяне ў цяжкую часіну… Заўсёды, як закладываў я яго ў лёмбард — гэтые грошы прыносілі мне шчасьце. Аднак не люблю я з ім раставацца… Алё нічога не парадзіш… Ну, трэба сьпяшацца, каб не зачынілі лёмбард! (апранаецца).
ВАСІЛЬ. Костусь! Пачакай!.. Ну, а калі будзе гэтак, як ўчора: ўсё да апошняга фэніга, га?.. Можа лепш устрымайся… Шкада грошай…
КОСТУСЬ. Ха-ха! Мілы мой! Бывае, што ўсё жыцьцё ёсьць толькі адна газартная ігра. І тады кідаеш va banc не якіесь колькі дзесяткаў марак, а душу сваю, бо сам чорт твой партнэр, а ён любіць вялікую ігру!..
ВАСІЛЬ. Ну, зычу табе…
КОСТУСЬ. Не! толькі без гэтага! Ня трэба зычыць шчасьця, бо гэта благі знак, гэта нясе няўдачу… Бывайце! (выходзіць).
Зьява 12.
ТЫЕ-Ж без КОСТУСЯ.
ВАСІЛЬ (сядзіць, курыць папіросу). Гм! Дзіўны чэлавек гэты Костусь! Знаемся з малку дзён, а вось іншы раз ніяк не магу разгадаць яго. Ну чаго, напрыклад, ён блытаецца тут у Вільні, замест сядзець ў сваім фальварку.