Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬ. Вось толькі дрэнная справа: грошай зусім няма. Як ты ляжала ў бальніцы, я атрымаў за корэктуру за два месяцы наперад. Цяпер сам ня ведаю, скуль дастаць. У Костуся я пазычаў, пазычаў без ніякае меры, покуль грошы ў яго былі, а цяпер і ён ужо нічога ня мае. Страшэнна нялоўкае палажэньне! Ен, як толькі мае грошы, сам набіваецца, каб браць ў яго, а я — што-ж рабіць — бяру…

ЯДЗЬКА. Ен-жа наш кватэрант. Тое, што ты ў яго ўзяў, можна-ж парахаваць, як плату за кватэру.

ВАСІЛЬ. Плату за кватэру! Ха-ха-ха! Калі-б так рахаваць, дык ён заплаціў ужо нам за колькі год наперад.

ЯДЗЬКА (спалохаўшыся). Няўжож мы гэтак многа ад яго ўзялі?

ВАСІЛЬ. Я лік ўжо страціў.

ЯДЗЬКА. О, Божа мой! Божа мой!

ВАСІЛЬ. У нас, бач, нейкіе асаблівые адносіны. Нас зьвязвае дружба з малку дзён — успамін дзіцячых гадоў — гэта многа значыць. Цяпер ужо чалавек больш крытычна адносіцца да людзей, ставіць людзём вялікшые вымогі, ужо цяпер трудна завязаць гэтакую дружбу. А тады — дзеці — мы разам гулялі, разам вучыліся, — і вось душы нашы зьвязаліся між сабой на нейкі крэпкі вузел, які ніколі хіба ўжо ані разьвяжацца, ні разарвецца. Мы адзін перад адным ніякіх тайнаў ня маем — ён наперад згадвае кожную маю думку, кожнае маё жаданьне, як я ягонае. І цяпер, хаця жыцьцё душу кожнага з нас выкавало на іншы лад, хаця мы шмат адзін ад аднаго рожнімся і шмат ў чым не згаджаемся, — гэты невідавочны вузел з дзіцячых гадоў зьвязвае нас ня з меншай сілай, чымсь калісь, і вось адтуль у нас гэтакіе адносіны.