Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няўжо адступаем? Едзем, а ззаду ў нас, гдзесь далёка, ня сьціхаючы грыміць кананада.

31 жніўня.

Адступаем… Едзем дзень і ноч, з рэдкімі, невялічкімі прываламі. Ай, як-жа хочацца спаць. Сіл няма. Хай дагоняць, заб‘юць, толькі-б легчы й задрамаць на траўцы пад дрэвам… Сіл няма йсьці, а садзіцца нам, тэлефоністым, забаронена. Адзін ездавы зваліўся, задрамаўшы, і трапіў пад колы гарматы. Шчасьлівы! паклалі ў санітарны фургон, — там высьпіцца ў смак. Мой добры гэній — Яхімчык. Калі старшага блізка няма, дазваляе мне праехаць трошку на яго двуколцы, а сам зьлязае, быццам дзеля фізіалягічнае патрэбы. На прывалах пішу, каб не заснуць. Але рука й мазгі ня слухаюць мяне.

Начою сьвецяць пражэктары з усіх бакоў. Часьцей і часьцей палыхаюць заравы.

Глуха гудзіць кананада, але дзе — няможна ўлавіць.

Даганяем якіясь даўжэнныя абозы. Разы тры мы ўжо мусілі абхадзіць іх па полі, па ральлі, па канавах. Яны загарадзілі дарогу і цягнуцца, цягнуцца, як чарапахі.

Зьявілася пяхота. Сыпле ў беспарадку…

Гавораць аб разьбітых немцамі абозах, аб кінутых фурманках, зарадных скрынках — і ўратаваных дамскіх шаўковых нагавічках, блюзках, сярэбраных нажох і відэльцах, награбленых марадзёрамі, галоўным чынам, абозьнікамі.