Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вольнапісаны! Ня крычыце так каманду, бо самі заглушаеце свае словы, — спакойна асаджвае мяне капітан. Нэрвы супакойваюцца. Пашын вярнуўся. Але ў яго на вачох сьлёзы: ездавому (ня ведаю прозьвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму на батарэю знарады, вялікі асколак распароў жывот, і выпалі кішкі. — „Дзе-ж ён, твой зямляк“? — падурному пытаюся. — „Ці-ж ня бачыш“? — Ай, ай, ля самага-ж акопу фэльчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той паранены піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнасьцёрку. Пашын з сілаю швіргае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для зьвязваньня кабеля — і хапаецца туды, дзе ў яго зямляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзёх і відзіма-відзіма сінеець, чарнеець… Фэльчар хрысьціцца, Пашын таксама і абцірае сьлёзы рукавом наодмах, як адганяючы мух. Мне на гэты раз хочацца зрабіць, як і яны, ды рука не паднімаецца: я веру і ня веру, што над гэтымі парванымі кішкамі ёсьць нешта, што завецца богам.

Увечары старшы сказаў нам, камандзе тэлефоністаў, пастроіцца. Пастроіліся, чакаем.

Прышоў камандзір, паздароўкаўся, падзякаваў за „маладзецкую работу“ і, пад канец, асабліва ўрачыстым голасам абвясьціў:

— Віншую, братцы! Усе будзеце прадстаўлены к георгіеўскім крыжам.

Старшы посьле паясьніў, што мне, Ташыну і другім тэлефоністам будзе крыж 4 сьц., а яму, стар-