Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Запісваю каманду і ў перапынках (у другім арудзьдзі затрыманьне: гільза не вылязае) — пасьпяваю запісваць у сваю запісную кніжку. Нас не абстрэльваюць, i страляньне мне падабаецца: у ім ёсьць сваё хараство. І тож быццам радасьць чуецца ў батарэйцах, што аднатоннасьць астатніх дзён урэшце ажывілася, неазначанае чаканьне скончылася. Дожджык троху пакрапіў, сьціх.

— Прыцэл 150… Страляць праваму арудзьдзю… Трацілавай гранатай… — чую з тэлефоннай трубкі. — Гатова? — Гатова!

— Агонь!!

Няўжо бой разгарыцца? Наглядальны пункт недалёчка: у высачэнным насыпе недабудаванага зялезнадарожнага мосту. За тоўстай каменнай сьценкай мосту — акоп пад трыма радамі накатнікаў. Моцная штука! Там сядзець бясьпечна. І той акоп капаў ураньні й я, бо знаходзіўся тады на наглядальным пункце. Нашто адаслаў мяне старшы сюды на батарэю? Тут для тэлефоністаў не акоп, а яма.

— Падрыць хабаты!

Артылерысты шыбка падрываюць хабаты (заднія канцы гармат), каб джэралы яшчэ вышэй задраліся ўгару. За пільнай працаю знаходзяць час пажартаваць, спрачаюцца, сьмяюцца і віртуозна лаюцца. Я ўжо звыкся з іхнай мацяршчынай: Беленькі ўламаў ткі мяне „напляваць“. Дожджык зусім прапаў. Троху бліснула сонейка; хмарныя аблокі разьбягаюцца з неба. Трэці наш таварыш, флегматычны кастраміч Пашын, прынёс тым часам поўнае вядро згатаванай,