Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Батарэю сваю дагналі на другой дарозе; яна таксама, бяз нас, завярнулася і пацягнулася некуды ўбок і назад. Калі цямнела, былі мы перад нейкім мясьцечкам. Тут, абапал усяе дарогі, стаяў аграмадны табар нямецкіх уцекачоў. Кінулася ў вочы розьніца ў настроі мірных. Яны ўглядаліся на нас значна сьмялей; пара-другая вачэй сьвяцілася захаваным вызавам і злой радасьцю. Якаясь рыжаватая дзяўчына сьмяялася і махала нам рукою, каб мы ехалі назад у Расію. Яна кіўнула галавою да свае засмучонае таварышкі, потым паслала мне рукою пацалунак. Што яна казала, я ня мог пачуць за стукам колаў.

Адзін абраз з учарашняга дню пакінуў асабліва цяжкі асадак у маёй душы. Вёрст пяць па шосы, ад таго табару, то астаючыся, то пераганяючы, беглі пры батарэі двое старых: грубы тучны немец i яго сухапарая сівая жонка. Немец быў чырвоны, як рак, і потны, ашпараны, з вытрышчанымі няпрыемнымі рачынымі вачмі. Ён прост душыўся ад беганіны. Старая раскудлачылася, зарумзалася, скакала як падбітая. Яны шукалі начальства, якое забрала іхнага сына, хлапчука гадоў 15. Забралі хлапца за тое, што нібы-та нешта дрэннае сказаў аб расійскім войску. Ніхто з нас ня ведаў, хто і як яго забраў, а старыя ўсё беглі, высалупіўшы языкі, ува ўсіх нас са сьлязьмі пыталіся сваім незразумелым жаргонам і заглядалі ў салдацкія вочы пасабаччу. Хух!

Потым ізноў мы, тэлефоністы і разьведчыкі, загрукацелі з камандзірам ад батарэі. Пасьля доўга стаялі ў цёмнай сьцюдзёнай дарозе і чакалі батарэю.