Міма нашага наглядальнага пункту па дарозе шмат праходзіць і праяжджае розных вайсковых. Нядаўна ехаў п‘яны казак. Баўтаецца на сядле. Пад аднэю рукою пабіты тэлефонны апарат, а ў другой — бутэлька з наліўкаю. Ён папрасіў мяне падаць яму галавешачку прыкурыць і пасуліў мне пацягнуць „трошкі“ нагбом з бутэлькі. У яго, п‘янога, гора: кажа, быццам, „вольныя“ немцы (мірныя жыхары) забілі двух яго станічнікаў, а сам насілу вырабіўся з небясьпекі.
X
10 жніўня.
Мы ў далейшым паходзе. Пішу на крутым беразе няшырокай, але поўнаводнай і глыбокай рэчкі. Мост разьбіт. Сапёры наводзяць пантоны. Наўкол мяне — і драцяныя загарадкі, і воўчыя ямы. Дзівуюся, чаму немцы пакінулі іх бяз усякага бою.
Пераехалі. Мястэчка. Разумеецца, бязьлюднае. Кірха (а можа — касьцёл?). Нашы каталікі забягаюць і кленчаць. Ля самай кірхі, на адчыненым вакне пустога дому, грамафон, заведзены рукою ворага, пахабным дысонансам у абставінах вайны і сьмерці равець мірнага „пупсіка“. Маладыя пехацінцы сабраліся там, сьмяюцца, рагочуць, і некаторыя падпяваюць парасійску:
— Пуп-сік, мой мі-лы-ы пу-упсі-ік!..
Потым завялі неспанараўную мне нямецкую „польку“, пабраліся парамі і круцяцца, як дурныя. Старэйшыя невясёла паглядаюць на іхнае выраб-