Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прадстаўнік першага дывізіёну, худы і чорны, вусаты капітан, як відаць, новы камандзір p батарэі, са сьлязьмі на вачох клянецца, прысягаецца, што батарэя зьбіта ім, не пасьпеўшы выехаць і зрабіць 3—4 стрэлы з 2 арудзьдзяў.

Афіцэры 2-га дывізіёну, прышоўшы ў госьці к нашым (я служу ў першым дывізіёне) сьпіраюцца… Іхныя батарэі стаялі далёка справа і ззаду ад нас, і нават я, нічога ня цямячы ў артылерыйскай справе, дзівуюся, як маглі яны, a ня мы, разьбіць тую батарэю.

Час, лік выехаўшых адначасна нямецкіх арудзьдзяў, запісы камандаў, пасьведчаньні пехацінцаў і іншае, усе довады — горача разьбіваюцца, і спрэчка схіляецца на карысьць першага дывізіёну, страляўшага 13 гадзін узапар!

Даслухаўшы сьпіраньне да канца, пашоў я мыцца, але доўга-доўга шукаў вады і нідзе не знашоў. Войска ўсю выпіла. У калодзежах на дне засталася адна гразь. Калодзежы тут найболей зачыненыя, з помпамі. Насілу выпрасіў вады напіцца ў камандзірскага ардынарца. Сяньня і абед спозьніцца, бо паехалі па ваду на рэчку, за колькі вёрст. Хадзіўшы па полю, бачыў многа забітых кароў і коняй. Чаму іх не закапваюць? На дарозе бачыў цэлую гару сабраных пехацінцамі вінтовак, шынэляй: сьветлых, сініх — нямецкіх, і шэрых, грубейшых — нашых, ранцаў касматых, бурых — нямецкіх, і палатняных — нашых; шашак, кулямётных стужак, чаравікаў і іншага. І ўсё нясуць і нясуць…