Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лую блізка таго ноч, пасьля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. І скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары сьвяцілі на нас і сеялі неспакой.

IX

9 жніўня.

Канец учорашняга дню быў для мяне горкі. Старшы, сьмяючыся, скалоў мяне: „Вы таксама ў хаце хаваліся“. Так, хаваўся… Няма як бараніцца. Я пачырванеў і маўчаў. Сяньня мне весялей. Сон вярнуў мне сілу, і нейкі голас супакойвае мяне: ну й добра, што хаваўся, — ты яшчэ спатрэбішся для сваёй роднай справы.

Дык у нас, значыцца, сур‘ёзная перамога. Немцы адступілі, кінуўшы многа забітых, раненых і зброі.

Сяньня я прачнуўся на батарэі, каля ямы тэлефоністаў, ад сьветлага, цёплага жніўнага сонейка і шумнай спрэчкі ў хаце між афіцэрамі 1-га і 2-га дывізіёну аб трафеях.

Нож мой прапаў, і няма чым алавік застругаць для апісаньня афіцэрскае спрэчкі. Яна йдзець аб тым, хто зьбіў нямецкую 12-арудзійную батарэю, шалёна выехаўшую на голую пазыцыю, відную ад нас простым вокам. Наўкол пазыцыі гэтай няшчаснай і геройскай батарэі цяпер валяюцца парэзаныя шматы коняй і людзей, кучы забітых знарадамі і задаўленых гужамі коняй, агідныя й страшныя груды людзей з адарванымі рукамі, раскіданыя рэчы. Зарадныя скрынкі паўзарваны, пагнуты, пакамечаны, як папера ў жмені, некаторыя раскрэмсаны літаральна ў шчэпкі.