Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паехалі і мы.

Едзем паціху, часта спыняемся. Уздоўж усяе дарогі пяхотны ардынарац бегае, шукае нейкага батальённага.

Мы сталі збоку дарогі. Міма нас ідзець пяхота — бяз концу, бяз концу… Я ўзьлез на двуколку, падняўся, паглядзеў. Штыхі, як шчэць бліскучая, даўгой зьмяёю ўкрылі ўсю дарогу. Там далей, наперадзе, зварочваюць у бок, на поле, сыплюцца ротамі, узводамі…

Цюхае на малой кабылцы той шуканы батальённы, несамавіты пяхотны служака. Глядзіць у пляны. Шрапнелі паказаліся значка бліжэй, — цяпер відаць, што нямецкія. Дык зараз бой, бой!..

Недзе з бакоў патроху тахаюць вінтоўкі. Вось першы кулямёт: тук-тук-тук-тук! — „Наш, — кажа мімаезны казак, — нямецкі б‘е часьцей“.

Раптам, — наша каманда, і батарэя рухава зварыхнулася і з дарогі мякка пакацілася па чорнай ральлі да нейкіх кустоў. Прымчаліся к глыбачэннаму і яшчэ болей шырокаму рову. Гэта граніца: з аднаго боку стоўп з расейскім арлом і табліцаю „Расея“, з другога — з нямецкім арлом і табліцаю „Нямеччына“. Зьехалі ўніз, на зялёную тэрасу. Батарэя строіцца ў баявы парадак…

1 гадзіна 15 мінут дню, зараз будзем паліць „па наступаючым праціўніку“…

Як тут зацішна і прыгожа на ўлоньні ў прыроды: лог, травы, кусты, ручай. Берагі рову хаваюць нас ад вока з бакоў, над намі — сіняе жнівень-