Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ, вялікі воз, бегае заклапочаны гаспадар-жмогус. Зараз яны паедуць у тыл, уцякуць. Вержбалова нам ня відаць, але дым сьцелецца адтуль у наш бок. Горад запалілі немцы або казакі. Часам выбіваецца полымя. Дожджык сьціх, і ледзьва відаць, як сыплецца марасіца. Гаспадар выяжджае. Цямнее. Вечар. Ноч. Неспакойнае чаканьне…

4 жніўня.

Добра, пагода, сьветла…

Ля хаты ардынарац Селязьнёў падаваў камандзіру каня і нечым не дагадзіў. Камандзір тыцнуў яму ў грудзі кулаком і нэрвовым голасам крыкнуў: „Ёлуп“.

Капітан Сьмірноў кажа малодшым афіцэрам: „Дарма ноч ня спалі… Вораг спалохаўся і ўцёк“.

Раньне робіцца яшчэ прыгажэйшае. Зараз будзем выяжджаць далей у дарогу. А начою быў страшэнны холад, на небе зіялі зоркі. Я начаваў у пуні, на ячменных снапох, пакалоўся асьцюлькамі, спаў мала і трывожна.

Відаць, пойдзем у наступленьне за граніцу, бо афіцэры кажуць нам, каб нічога нямецкага ня елі: можа быць атручанае.

Гдзесь далёка-далёка чуваць гарматныя стрэлы. Страляюць, мабыць, немцы. Перад намі на сінюсенькім краі неба хораша расплываюцца дымныя клубочкі: ірвуцца шрапнелі. Настрой падвышаецца.

Праскакаў міма нас казацкі генэрал-маёр. — Гэта распуста! Тут плятухаецца гэты абоз! — крыкнуў на ўсім скаку. А дзе гэты абоз — хто яго ведае…