Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

30 ліпня.

Няма часу. Робім акопы.

1 жніўня.

Выехалі. Праехалі Сімна, Красьняны. Прывал. Абедаем. Сяляне-жмогусы раздавалі сала й хлеб. Я сароміўся падыйсьці. Вельмі шкадую. Зьеў тое, што даў Пякельны, і пашоў купляць, але не прадалі. Увечары на прывале Лабкоў палез на вішню. Камандзір пабачыў у вакно і выскачыў з хаты. — „У морду цябе біць? У паходзе першае: абывацеля ня крыўдзі!..“ І трах! трах! яго то з таго боку, то з другога. Мне казалі, што камандзір наш б‘ецца, ды я ня меў веры. Бачу. Нэрвовы ён: зазлаваўся, аж пена забіла з вуснаў.

Мы даўна стаім, а хвост нашае калёны ўсё яшчэ цягнецца міма нас на прывал да розных хутароў. Пяхоты — бяз ліку. Як яны змарыліся! Балазе я ў артылерыі.

2 жніўня.

Выступілі ў 7½ раніцы. На дарозе, выстраіўшыся ў калёну, чакалі нечага аж да 9½. А падняліся: па загаду а 6-й, а запраўды яшчэ раней. Хто гэтаму вінават? Начальнік калёны? Дрэнна…

3 жніўня.

У паходзе. Недалёчка граніца. На небе пачынае хмарыцца. Прывал. Даўгая шэрая стужка, расьцягнутая па дарозе на колькі вёрст, села на зямлю. Проціў шэрсьці гэтай стужцы, ціснучыся з другога боку дарогі, пляцецца нямецкая калымажка з пар-