Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На гэтым многалюдзьдзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер? Ільля (пішу 20-га ліпня), сьвята, кірмаш. Тут я зусім забыўся, што Ільля, а некалі на гэтага самага Ільлю — колькі было кірмашовае ўцехі! Не, цяпер трывога і там. Плачуць бедныя людзі. Што гэта будзе, што гэта будзе? Ня ведаю што будзе, і ніхто ня ведае.

Перад самым ад‘ездам з пазыцыі я ўбачыў яшчэ аднаго афіцэра нашае батарэі, штабс-капітана Дамброўскага. Дагэтуль ён быў гдзесь у камандыроўцы, купляў коні для батарэі ці што. Здаровы, круглы; твар у яго дужа грубы і дужа чырвоны, вочы заплыўшы салам; гаворыць ён папанску: сё-сё-сё… Шалапутаў сказаў мне пра яго, што гэта — „абруселы літоўскі паляк магометанскае рэлігіі“. Часам і Шалапутаў лоўка скажа.

Дамброўскі прывёз нам навіны: „Нашы ў Нямеччыне на 50 вёрст… Немцы аж стогнуць… Пасланьнік нямецкі, як абвяшчаў вайну у Пецярбурзе, дрыжэў, аж калаціўся… Дрыжэла папера ў яго руках… Вержбалова і Эйдкунен спалены… Казакам дазволілі рабіць, што хочуць, дык яны там!.. Японія забрала Кяо-Чао. Англія з флотам плывець да нашых берагоў, нам на падмогу… Наш конны полк падарваў мост… Гдзесь злавілі нямецкага шпега“.

Не шкадаваў навін жыцьцярадасны пан Дамброўскі, але троху, мусіць, падсыпаў дзеля храбрасьці.

— Пасьля заўтрага і мы ўжо будзем у Прусіі! — З радасьцю, вясёлы, гаманлівы, пацешыў ён нас.