Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

злосьці: „Хуліган! не чапайце вольных людзей“… Праўда, мы з ім троху засталіся, дык другія салдаты маглі не пачуць, што я так сказаў яму. Шалапутаў, знарок нядбайна і быццам уважаючы мае словы за жарт, буркнуў на мяне: „Шляпа вы, а не салдат“. Але я пачуў, што цяпер я перастаў ужо быць з ім „шляпаю“, хоць у мяне аж і ногі дрыжэлі ад злосьці…

Быўшы ў казармах, перагледзіў я сваю маемасьць пералістаў свае кніжачкі… Эх, і навошта я вёз іх столькі сюды? Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам… во славу… во славу… чаго? Вызваленьня „малых“ народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасьць гэтая вайна? Лепей ня думаць…

Захадзіў на пошту: ніякіх пасылак ня прымаюць. Лісты прынялі, але чамусьці сказалі, што й за дастаўку заказных цяпер ня ручаюцца. А здаецца-ж, цягнікі ходзяць так, як і раней, — дык чаму-ж гэта яны так кажуць?

У мясьцечку бачыў многа запасных. І ўсё болей іх прыганяюць.

— Шкандальны запас… Чы пан ест поляк? — спытаўся ў мяне крамнік, мусіць, абпалячаны жмогус, калі я купляў у яго паперу і гаварыў з ім пабеларуску.

— А што? — адказаў я сьцюдзёным пытаньнем.

— Ніц, прошэн пана… Тшэба модліць-сен пану Езусу!

І праўда: ужо ўсё мясьцечка моліцца, вохкае, стогне — і шалёна спэкулюе салдацкімі ботамі, лахманамі і чым „пан Езус“ паслаў.