Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

роўку, хадзіў на абед і на вячэру, піў з Шалапутавым гарбату і ўсё дзівіўся на яго сабачую жарлівасць, — так многа паядаў ён каўбасы і сітнага хлеба! — вучыўся аддаваць чэсьць і чытаў нудныя статуты. I так жыў. I так, можна сказаць, жылі тут усе.

Увесь час мне было цяжка на сэрцы. Лісты ні з дому, ні адкуль ня прыходзілі, і ад гэтага мне было яшчэ болей цяжка. Газэт, як прыехаў, я і ў вочы ні разу ня бачыў. Я ўжо ня ведаў, каторы я тут дзень, і які цяпер дзень: можа субота, можа пятніца...

Я са страхам думаў, што мушу так жыць цэлых два гады [1]. Мне шкода было загубленага часу, загубленых маладых сіл. I калі па вечарох, у пяхотнай частцы лагеру, прыгожа і вясёла йграла вайсковая музыка, мяне так хапала нуда за сэрца, што сьлёзы мімаволі накручваліся на вачох. Я пачынаў нэрвавацца.

II

13 ліпня, якраз у нядзелю, гадзіне а чацьвертай раніцы, калі мы яшчэ спалі, да мяне скрозь сон даляцела дужая каманда:

— Абамунічвай!

Першы крыкнуў фэльдфебель Хітруноў, а потым панясьлося ад дзяжурнага да дзяжурнага, ад палаткі да палаткі:

— Абамунічвай! Абамуні-і-ічвай!

Шалапутаў выскачыў з палаткі ў аднэй кашулі, даведацца, што такое, і вярнуўся зьбянтэжаны, ня ведаючы, жартуюць з ім ці кажуць праўду.


  1. Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пашоў вольнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.