Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чэсьці афіцэрам. Я завучваў напамяць прозьвішчы ўсіх сваіх начальнікаў, ад вайсковага міністра да ўзводнага і аддзялённага. Чытаў нялюбыя мне статуты вайсковае службы. Сотні раз станавіўся „ўва фрунт“ перад бярозавым калом замест начальніка, сотні раз „казыраў“ — і ўсё было яшчэ нядобра, усё яшчэ ня ўмеў.

У палатцы днём было душна і пыльна; ліплі, як злыя чэрці, конскія мухі. Начою было сьцюдзёна і непакойна: увесь час на вадапоі ці на стайні хто-небудзь стукаў, бразгаў, крычэў на коні, лаяўся. Паднімалі ўсіх а пятай гадзіне раніцы, і выспацца было немагчыма.

Толькі яда была ня дужа дрэнная, прынамся ня горшая, чым у звычайнага, сярэдняга гаспадара ў нашай вёсцы. Адно што — мусіць, у цэлым сьвеце ня было больш неахайных салдатаў, як у нашай батарэі (так мне тады думалася). I я еў з усімі разам, але не з агульнага баку, а з свае асобнае місачкі, як елі і некаторыя салдаты татары і яўрэі дзеля сваіх рэлігійных звычаяў. Бакаў ніколі ня мылі; добра, калі хоць абдавалі перад ядою сьцюдзёнаю вадою з калодзежа. 3 аднаго баку елі і варыва і кашу. Ложкі толькі аблізвалі і насілі іх за халявамі ў ботах, пры потных анучах.

Час праходзіў ад каманды да каманды. Я хадзіў на малітвы і цягнуў з хрыпаватымі басамі і тэнарамі „Отча наш“... або „Спасі, госпаді, людзі твоя“... — цягнуў ці маўчаў і горка пасьміхаўся. Хадзіў у парк глядзець, як робяць гімнастыку ці вольтыжы-