Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газэту.

6 ліпня — першае сьвята, як я быў у лагеры — усіх пагналі ў лагерную царкву. З людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пашоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозьвішча было фэльдфэбелю) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.

— А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фэльдфэбеля.

— Новы вольнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.

— Чаму ён не ў царкве?!

— Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двузначна: — Не захацеў пайсьці…

Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пашоў.

— Як яшчэ „не захацеў“?! — гняўліва і ў злосьці крыкнуў камандзір. — Чаму вы не па-сла-лі яго?… Вымаўляю вам, фэльдфэбель! — крыкнуў і шпарка засягаў даўгімі нагамі далей.

Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычэў за хітрыкі на Хітрунова, — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нэрвовасьці ён умее думаць і разьбірацца.

Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку… Раніца пачалася дужа добрым надвор‘ем, а потым стала горача і парна, а пе-