Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

канцылярыі ўсе заварушыліся, як ашпараныя. Фэльдфэбель крыкнуў: „Устаць! Зьмірна-а!“ Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.

— Здарова, братцы! — сказаў ён ціхавата і вугнава.

— Здраўжлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.

Фэльдфэбель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.

— Здраўствуй!

— Здраўствуйце!

Ува ўсіх прабег сьмех, а ў фэльдфэбеля і прыкрасьць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў сьмешан і дзік.

— Ты праваслаўны?

— Праваслаўны.

— Абстрыгчы і выдаць абмундараваньне! — прамарматаў ён, ужо ня гледзечы на мяне.

— Слухаю, васкродзь! — крыкнуў фэльдфэбель, і абодва пашлі з канцылярыі ў абход. У канцылярыі ўсе павесялелі і загаманілі.

Зьмесьцілі мяне ў аднэй палатцы з другім вольнапісаным, на прозьвішча Шалапутавым, нейкім шапялявым і, відаць, дурнаватым юнкерам, прысланым у батарэю з вайсковае школы ці-то за благія ўчынкі, ці-то за няздольнасьць у навуках. І на пачатку, мае службы найгорш мне было цярпець яго размовы і манеры, жывучы з ім разам у ваднэй цесьнень-