Старонка:На паняволеных гонях (1928).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Кахаю Беларусь сучасную — ня выснену
Рабочым сэрцам, ратая душой.
Кахаю творчым дзелам, а ня мысьлена.
Кладу падмур мазольнаю рукой.

Кахаю радасным каханьнем будаўнічага,
Што кінуў цераз пропасьць мост-праход.
Кахаю гордасьцяй я погляду мужычага
На свой аруд, дзе зьверхам умалот.

Кахаю моцай, блескам току электрычнага,
Што сонцам-чарам апраменіць край,
Калі і паляшук задзівіць энэргічнасьцяй
І акупантам загрыміць: аддай!

Кахаю палкасьцяй агонь-каня сталёвага,
Што нетрам і аблогам дзень і ноч
Развозіць творчы рух, жыцьцё адумысловае,
Наперад, напралом імчыць наўскоч.

Кахаю дзействам спорным я нутра фабрычнага
Машынаў-дабрадзеек, сакатух.
І ненавіджу больш узрыва вульканічнага
Я Беларусь, як служку панскіх слуг.