Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

былі ўскладзены на яго абавязкі сакратара Камісарыяту і загадчыка выдавецкага аддзелу. Тут зноў пачынае выходзіць „Дзеньніца“. Разам з політычнаю ды організацыйна-літаратурнаю чыннасьцю, З. Жылуновіч прабуе ўзяцца і за лектарскую чыннасьць: улетку 1918 г. ў Беларускім Народным Унівэрсытэце ён чытае курс лекцый аб беларускай літаратуры.

У кастрычніку 1918 г. ён уваходзіць у Комуністычную Партыю і інтэнсыўна працуе ў беларускім сэктары.

Пры ўтварэньні Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі ў сьнежні 1918 г. ён зьяўляецца старшынёю Часовага Рэволюцыйнага Ўраду.

Далей, ён быў рэдактарам харкаўскае вячэрняе газэты „Красная Заря“, адсюль перакідаецца на фронт, у XIV армію, у штаб Заходняга фронту, у Смаленску рэдагуе газэту „Савецкая Беларусь“.

Пасьля выгнаньня палякаў з Менску, сталіцы Чырвонай Беларусі, поэта пераяжджае сюды на сталую працу.

Грамадзка-політычная ды літаратурная чыннасьць Ц. Гартнага ў Савецкай Соцыялістычнай Беларусі добра вядома ўсім, хто стаіць у курсе падзей нашага політычнага і культурнага жыцьця.

Адказную працу, старшыні Рэволюцыйнага Работніцка-Сялянскага Ураду Савецкай Беларусі ён, як прыраджоны літаратар, замяніў ня менш адказнай работай організатара беларускага савецкага друку і разам з тым організатара беларускіх выдавецтваў, праводзячы той кірунак чыннасьці, якія быў пачаты ў Петраградзе.

Пасьля таго, як была наладжана справа з выданьнем у Менску газэты „Савецкая Беларусь“, поэта ў 1921 г. едзе ў Бэрлін для організацыі там выданьня Літаратурным Аддзелам Народнага Камісарыяту Асьветы БССР беларускіх кніжак.