Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзед, мусіў дадацца другі. І ад ранку, з досьвітку да поўначы, пры агні лушніку павінны былі зайграць ляды й вітушкі нясьціханыя нудлівыя песьні, каб праз тыдзень найграць для сям‘і восем злотых; пры гэтым з дадаткам муштры ад заказчыка“[1].

Нараджэньне хлопчыка на тыдзень адцягвала пастаноўку другога варстата. Толькі на тыдзень! Бо далей трэ было старацца ткаць, каб мець на што жыць, Павялічэньне сям‘і перашкаджала спорнай працы цэлую зіму. На лета бацькі пашлі на работу, пакінуўшы сына на апеку цёткі, двух дзядоў і бабкі з боку мацеры.

Хлопец быў першанец — і ўсе яго шанавалі ды песьцілі, аж пакуль ён ня „стаў на ногі“. Пайшоў ужо адзінаццаты год, прышла пара вучыцца. Да тэй пары бацька сам вучыў сына чытаць „поверху“. Цяпер прышла чарга „дарэктара“.

Хто з жыхароў дарэволюцыйцай беларускай вёскі ня ведае „дарэктара“? Клясычны вобраз такога „дарэктара“ даў Якуб Колас у сваёй „Новай зямлі“. Часта хлопец, які толькі што скончыў пачатковую школу, — як апісаны ў Коласа Яська, або дзяк ці пісар — „дарэктар“ вучыў таму-сяму саматужным, прымітыўным спосабам вясковых хлопцаў.

У „дарэктара“ адзінаццацігадовы хлопчык выявіў здольнасьці да навукі і да каляд прайшоў „часлоў“. Аднак з першым дарэктарам не пашэнціла. „Далей ня вучыўся“, кажа Гартны ў сваім „Абеглым саманарысе жыцьця“, „сур‘ёзны дарэктар вымусіў мяне лішнюю зіму пакоўзацца на санках і падраць пару-другую падносак на лёдзе. Паставіў разоў два на коленкі на жарству за сьмех на малітве — і гардасьць мая адхіліла мяне ад занадта шчырага багамола. Бацькі і дзяды былі за мяне.

  1. Абеглы саманарыс майго жыцьця“, стар. 7.