Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Нібы жывыя ўстаюць перад намі і задуменна-сур‘ёзны твар Міхала, і задуменна-радасны філёзофскі тварык Костуся, і тварыкі яго братоў, і клапатлівы, адзначаны вечнай турботай, твар маці, і твары лясьнікоў, і наздраваты, надзіманы твар пана Рака з-пад Татаркі. Як быццам жывы стаіць перад намі і прадавец зямлі Хадыка з сваім: „ядзяць іх мухі з камарамі!“

Вельмі ўдалыя ў поэме апісаньні і выразаў асобных псыхолёгічных станаў. Вось, напр., апісаньне сердаваньня Міхала:

Міхал стаіць, зьнявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э, лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы,
І не адказываць нічога.
Ён толькі у бок плюе з парога,
Ідзе—сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы зьбегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сьцяты;
Дзьвярмі ён грукнуў, вышаў з хаты
І злосьць душы і сэрца пляму
Выносіць з дому аж за браму. (XII р., 95 стар.).

Па тонкасьці нагляданьня, па анатомічнай правільнасьці фізыогномічныя апісаньні, якія даны ў поэме Коласа, можна сьмела паставіць на адзін ровень з фізыогномічнымі малюнкамі найлепшага расійскага поэты-фізыогномістага Ю. Лермантава.

І падобна Ю. Лермантаву, Колас не абмяжоўваецца толькі фізыогномічным аналізам; ён дае глыбокі аналіз унутраных рухаў чалавечага мозгу і сэрца.

Ёсьць адна галіна псыхічнага жыцьця, на якой беларускі поэта застанаўліваецца з асабліваю любоўю, гэта — псыхічнае жыцьцё дзяцей. Па тонкасьці аналізу дзіцячай душы, па маляўнічасьці вобразаў дзіцячага жыцьця поэма Коласа ня мае сабе роўнай нават сярод твораў багатай расійскай поэзіі.