Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

сьвет адчынены ва ўсёй многавобразнай рознастайнасьці сваіх зьяваў.

Бо сьвет і жыцьцё многалучны
І многавобразны, выключны,
Таемна схованы, цікавы
І рознастайны іх праявы,
Дзе кожны момант хвалі новай
Нам штось гуторыць сваёй мовай
Для сэрца і для разуменьня,
Дзе поўна ўсё свайго значэньня,
Прыгоства, чар і глыбіні. (XXVII разьдз., 241 стар.).

Успрыймаючы сьвет і жыцьцё ў рознастайнасьці іх зьяваў, Я. Колас выступае перад намі, як вельмі мастацкі знаўца чалавечага твару, як мастак-портрэтысты і фізыогномісты.

Яму выключна ўдаюцца чалавечыя портрэты. Ледзь не найбольш удалым зьяўляецца ў поэме портрэт дзядзькі Антося, сталага таварыша дзяцей, на каторым поэта застанаўліваецца з асабліваю любоўю ў розных мясцох поэмы.

Вось як жывога, дзядзьку бачу.
Я тут портрэт яго зазначу.
Ён нявысок, ня надта ëмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы
І зухаўскія яго вусы:
Умеру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу, —
Не расчытаеш іх выразу, —
То сьмех, то хітрасьць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
А нос… я глянуць мушу ў неба,
Бо не патраплю, як пачаць
І з чым нос дзядзькаў параўнаць,
Каб вышаў ён такі, як трэба:
Ну, нос кароткі і таўсматы,
Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. (XVI р., 140 стар.).