Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Калі чытаем поэму Коласа, беларуская прырода выяўляецца ва ўсім багацьці сваіх колераў і магутнасьці сваіх праяваў.

І гэта — ня мёртвая, а жывая, адухоўленая прырода, якая б‘ецца ў унісон з біцьцём чалавечага сэрца.

Эх, выйдзі ў поле, брат, дасьвету:
Ня будзеш каяцца ніколі!
Зірні, прыслухайся наўкола:
Як ціхамірна, як вясёла!
І ў кожным дрэве, і былінцы,
І ў малюпасенькай расьлінцы —
Ну, ва ўсім чысьценка дазваньня —
Блукае радасьць спадзяваньня;
Куды ні глянь — усё у настроі
І ў добрай згодзе між сабою.
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў ім хтось хвалы жыцьцю піша
Праменна-сьветлы, яснавокі… (XXV р., 222 стар.).

Ня дзіва, што сам поэта аб‘яднаецца з прыродай.

І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душа ўсяе прыроды,
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладзьдзі і настрою… (XIV р., 121 стар.).

У гэтым панпсыхічным або віталістычным поглядзе поэты на прыроду адчыняецца шлях да збліжэньня яго поэмы з творамі заходня-эўропэйскіх, як Мэтэрлінк, і расійскіх, як Бальмонт, поэтаў-сымболістых і разам з творамі жывой народнай поэзіі, што асабліва варта, бо ў народнай поэзіі знаходзіцца праўдзівая крыніца ўсякай сапраўды-мастацкай поэзіі.

Дзеля таго поэма і багата мэтафорамі, параўнаньнямі, упадабленьнямі і іншымі поэтычнымі зваротамі, уласьцівымі народнаму вершу. У вочах поэты „ёлкі шэпчуцца з хвоямі“ (6 стар.), „дзярэўцы вясёла пазіраюць на сьвет“ (9 стар.).