Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Я. Коласа добрага апісальніка, і нездарма кажа поэта:

Малюнкі родныя і зьявы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаіцё перада мною!.. (XVI р., 137 стар.).

Асаблівую магутнасьць апісаньня ўжо М. Гарэцкі заўважыў у адносінах да першага разьдзелу „Лясьнікова пасада“. Але здаецца, што ў гэтым сэнсе асабліва трэба падкрэсьліць XXV разьдзел поэмы: — „Летнім часам“, дзе з надзвычайнаю натхненнасьцю і маляўнічасьцю апісаны розныя прыгоды і зьявы лета: раніца, поўдзень і вечар, усход і заход сонца, навальніца і летні дождж… Лета — найлепшая пара году, і робіць асаблівае ўражаньне на чулую душу поэты-мастака.

І колькі ў ім яшчэ прывету,
Прыгод усякіх так багата!

І беларуская зіма апісана ў поэме з мастацкасьцю.

Ёсьць хараство і ў гэтых зімах,
І ў мёртва-бледных тых кілімах,
Што віснуць, зьзяюць хрусталямі
Пад занямелымі лясамі,
Калі ў агністым мароз троне,
У крывава-багравай заслоне
Над сьветам рукі ціха ўздыме. (XX р. 170 стар.).

Магутнае па сіле натхненьня і вобразнасьці апісаньне марозу даецца ў XIX разьдзеле (162—167 стар.).

Знаходзіць для сябе „водгульле ў душы поэты“ і „зварот пары — зьніканьне лета“, і прыход вясны. Памастацку апісана ў XXI разьдзеле поэмы і зімовая адлега, калі ў барацьбе стыхій нараджаюцца „таемныя гукі“, а ў разьдзеле XXII і самая вясна…