Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

лося адзін (толькі адзін) раз з Міхалам, пакрыўджаным да глыбіні душы ад лясьнічага.

Міхал маўчаў, ды нечакана
Ён сам як рушыцца да пана!
Лясьнічы зразу ўзад падаўся.
— Чаго пан гэтак раскрычаўся?
Завошта пан, мяне так лае?
Згарыць яна няхай такая
І служба гэта, і пасада,
І гэта крыўда, й гэта здрада,
І гэта панская адплата!
Няхай яна будзе праклята!
Міхал тут плюнуў, завярнуўся —
Хоць раз, да добра агрызнуўся! (X р., 85 стар.).

Але пасьля гэтага здарэньня ён ужо баіцца, як-бы ня вышла з таго якое-небудзь ліха, — „а што, як скажа: выбірацца?“ — і супакойваецца, калі ў той-жа дзень атрымлівае наказ ісьці сачыць ваўкоў: — „ну, значыць, квіта!“

Значыць, застаецца зноў цярпець і толькі цішком думаць аб адплаце пану.

За „гітал“ падлу ды і ў ваду!
Парваць-бы ноздры качарэжкай
Або глузды адбіць даўбешкай,

як разважае дзядзька, і трызьніць аб „сваім куце“, як трызьніць Міхал.

Нянавісьць да паноў цішком досыць выразна праходзіць праз усю поэму, але толькі нянавісьць і протэст цішком і паасобку.

Такім спосабам, героі поэмы не дарасьлі яшчэ да ідэі яўнага паспалітага бунту проці паноў — ідэі, якая ясна выступае ў вядомай „Беларускай марсельезе“.

Мы дружна паўстанем з касамі, з сярпамі,
Прагонім з зямлі палачоў!
Няхай нас сустрэнуць палямі, лясамі
Грамады працоўных людзёў!