Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Як поэма, якая малюе процілегласьць інтарэсаў паноў і безьзямельнага сялянства, „Новая зямля“ ў сваёй істоце становіць разьвітак тых думак і настрою, якіязнайшлі сабе выраз яшчэ ў юнацкім вершы Коласа „Нашым ворагам“, дзе поэта кліча на суд усіх паноў і багачоў:

Багачы і панства,
Нашы дабрадзеі,
Мы на суд вас клічам,
Каты і зладзеі.

І на перакрэстку
Часаў пераходных
Сьмела вас пытаем,
Жадных і нягодных…

У паказаных адносінах поэма Коласа бязумоўна адзначана адценьнем блізкага моманту рэволюцыйнай эпохі—і шмат якія месцы гэтай поэмы напэўна не маглі-б легальным спосабам убачыць сьвету пры царскім рэжыме, ня ўбачылі-б і цяпер у Заходняй Беларусі.

Поэма ў тым відзе, у якім яна цяпер надрукавана, магла зьявіцца толькі цяпер, у час рэволюцыі — там, дзе зруйнавана дарэшты панаваньне паноў і падпанкаў, дзе працоўны люд скінуў свае путы, і сама мае вялікае значэньне для выхаваньня рэволюцыйнай самасьвядомасьці пролетарыяту.

Але іншым вокам павінны мы паглядзець, калі ўзьнікае пытаньне аб спосабе, якім героі поэмы думаюць вырашыць рэволюцыйную па сваёй істоце проблему свайго збавеньня ад зьдзекаў паноў і падпанкаў.

А дзе-ж той выхад, дзе збавеньне
З няволі цяжкай, з паланеньня?
Адзін ён ёсьць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ральля;
То—наймацнейшая аснова
І жыцьця першая умова.