Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Жыцьцё іх, праўда, няцікава,
Пра іх нідзе ня ходзіць слава,
Аб іх гісторый не складаюць,
Пра іх і песень не сьпяваюць…
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Ўсім бедным доля выпадае:
Прайсьці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі застацца
Ды быць забытымі тут ўсімі —
І сваякамі, і чужымі… (45 стар.).

|}

Поэта жадае захаваць памятку аб гэтым простым людзе — запісаць аб тым, што праходзіла прад яго ўласнымі вачыма ў дні вясны яго жыцьця — і гэта жаданьне спаўняецца дзеля таго, што зьмяняюцца абставіны соцыяльнага жыцьця, і бедны, просты народ перастае быць забытым, занядбаным народам і становіцца галоўным соцыяльным чыньнікам эпохі.

Асяродкавая асоба дзеі, гэта — лясьнік Міхал.

Міхась… вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласьць наша знала!
Ён быў вядомы між панамі.
Да што паны?! Сам князь Антоні
Ня раз з Міхалам вёў размову.
І знаў-жа ж службу лясьнікову…
Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады-ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З тэй прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны;
Разоў са два схадзіў у Прусы.
Куды ня трапяць беларусы!

Потым, калі „абрыдла гэта справа“, зьвярнуўшыся на бацькаўшчыну, ён „быў пры падлоўчым на каморы“.

Стары лясьнічы пасваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку…
Лясьнічы так казаў, бывала:
Што-ж? добры конь і цягне дужа!