Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ваньня да сваёй роднай зямлі, і ў 1919 г., калі стан Беларусі быў асабліва цяжкім, аўтар піша:

О, родны край, о, край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты,
Калі-ж ты збудзеш сваё гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе зьнішчае
І горкім смуткам авявае?.. (XVIII р., 155 стар.).

Уся поэма дыша глыбокім нацыянальным настроем, аднак нотак смутку ўжо ня чуваць у разьдзелах, якія напісаны ў 1921-1923 гадох у Савецкай Беларусі, калі сапраўды тут пачалася вясна беларускай культуры.

Часам нараджэньня беларускай поэмы азначаецца і ідэолёгічны яе бок — ідэалы і імкненьні яе герояў, як, само сабою разумеецца, і выведзеныя ў ёй тыпы.

Падзеі, апісаныя ў поэме Коласа, як ён сам заўважае, адносяцца к часу 1890-1900 гадоў (увага на стар. 4).

Якраз у гэты час пачала выступаць на гістарычнай сцэне, як актыўная грамадзкая сіла, сялянская кляса.

Сам Колас прыналежыць да гэтай клясы. І вось, уводзячы ў сваю поэму ў значнай меры аўтобіографічны элемэнт, апісваючы тыя падзеі, якія сапраўды адбываліся ў беларускай вёсцы, ён выступае перад намі, як поэта працуючай сялянскай клясы.

Галоўныя персонажы поэмы — „знаёмыя“ ці, дакладней кажучы, „родныя“ аўтару, гэта — беларускія сяляне-бедакі.

Поэта кажа ў пачатку VI разьдзелу сваёй поэмы:

Я буду рады, калі ўдасца
Маім знаёмым у вашай ласцы
Хоць на кароценькі часочак
Заняць хоць цесьненькі куточак.