Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

найвыдатнейшая зьява ў галіне беларускай поэзіі. Ня кажучы ўжо аб разьмеры поэмы — разьмеры роўным разьмеру твораў Пушкіна і А. Міцкевіча, — гэта поэма па шырыні абмалёўкі беларускай прыроды і беларускага быту, па колькасьці выведзеных тут беларускіх тыпаў (паны, падпанкі, лясьнікі, сяляне, кабеты, дзеці) і абмаляваных тут абставінах беларускага жыцьця (фольварак, вёска, горад), па лічбе твараў і душ — ня ведае роўнага сабе твору. У гэтых адносінах, нават, твор самога Я. Коласа „Сымон Музыка“ зьяўляецца толькі прэлюдыяй да яго галоўнай поэмы.

Такім чынам „Новая зямля“ — гэта „не об‘единение рассказов в духе рассказов Пшчелкі“, як вельмі неасьцярожна і наіўна кажа Карскі ў III т. „Белоруссы“, а сапраўды монумэнтальны твор беларускай поэзіі, падобны па свайму значэньню ў гісторыі разьвіцьця беларускай літаратуры да твораў пачынальнікаў расійскай і польскай літаратуры ў час іх красаваньня.

Поэма Я. Коласа зьявілася блізка-што на 100 год пазьней ад вялікіх поэтычных твораў расійскай і польскай літаратуры, як і сам беларускі народ толькі цяпер пасьля доўгага заняпаду выступіў на сцэне гістарычнага жыцьця, як роўны з сваімі суседзямі, сваімі братамі.

Часам нараджэньня поэмы азначаюцца перш-наперш думы і настроі аўтара.

Свой твор аўтар пачаў пісаць у эпоху рэакцыі, калі суровы сівер сваім холадам як-быццам зусім спыніў пачатую вясну беларускага народу, і сам аўтар быў у вастрозе; поэма стала зноў пісацца ў 1919 г., калі абшары Беларусі знаходзіліся пад пятою паноў захопнікаў.

У цяжкіх політычных абставінах Беларусі ляжыць прычына выяўленьня аўтарам асаблівага заміла-