Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Але, агулам кажучы, парадак напісаньня тэй ці іншай літаратурнай працы, хоць і мае некаторае значэньне для літаратурнай крытыкі, аднак, сам па сабе, яшчэ не дае пэўнай асновы для параўнаньня паміж літаратурнымі творамі. На недахват крытыка-літаратурнага мэтоду Карскага, у частковасьці, добра паказана Ўл. Дзяржынскім: „шукаючы падабенства на падставе гэткіх даных, мы патрапім урэшце ўтоесаміць кітайскую літаратуру з Байронам!“ (гл. „Полымя“, № 2, стар. 121).

І калі пры чытаньні поэмы Я. Коласа ў нас узьнікае думка аб творах А. Пушкіна і А. Міцкевіча, то тут для параўнаньня маюцца больш грунтоўныя асновы, чымся тыя, каторых знайшоў для сябе падставу вядомы вучоны. І справа тут не ў апісаньнях, як лічыць М. Гарэцкі, а ў тым месцы, якое займае поэма „Новая Зямля“ ў разьвіцьці беларускае поэзіі. Нашу думку мы маглі-б выразіць гэткім спосабам: як „Евгений Онегин“ азначае сабою пачатак росквіту творчай сілы вялікарускага народу і зьяўляецца першым монумэнтальным творам расійскай поэзіі, a „Pana Tadeusza“ з пэўным правам можна назваць першай і разам з тым адзінай эпопэяй у польскай літаратуры, творам выдатнейшага поэтыцкага мастацтва, у якім знайшлі для сабе праяву здольнасьці польскага народу, так і поэма Якуба Коласа, адбіваючы ў поўнай меры росквіт сіл і здольнасьцяй беларускага народу, адчыняе сабою новую, так казаць, добу ў разьвіцьці беларускай літаратуры, — добу апрацоўкі манумэнтальных твораў беларускай поэзіі.

Магчыма зусім об‘ектыўна зацьвердзіць, што да гэтага часу чаго-небудзь зусім падобнага да твору Я. Коласа ў беларускай літаратуры не зьяўлялася.

Яго поэма — найбольш монумэнтальны поэтычны твор у беларускай мове і ў гэтых ужо адносінах —