Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

У 1922 г. зьявіліся разьдзелы: XI. „Дзедаў човен“, XII. „Сэсія“, XIII. „Начаткі“, XVI. „Вечарамі“, XVII. „Воўк“, XX. „Коляды“, XXV. „Летнім часам“ і XXVI. „Агляд зямлі“ і скончаны пісаньнем XIV разьдзел — „Дырэктар“.

Урэшце ў 1922-23 г. г. быў напісаны канчатковы разьдзел — „Сьмерць Міхала“.

Неадначасна зьяўляліся разьдзелы поэмы і ў друку, у часопісях.

У „Нашай Ніве“ за 1912 г. былі надрукаваны „Лясьнікова пасада“ і „Раніца ў нядзелю“.

Потым ужо ў 1918 г. ў „Вольнай Беларусі“ друкуюцца: „Па дарозе ў Вільню“, „Дзядзька ў Вільні“, „На Замкавай гары“ і „Сьмерць лясьнічага“.

Шэраг разьдзелаў зьяўляецца ў друку ў 1921 і 1922 г.г. — у часопісі: „Вольны Сьцяг“ — разьдзелы: „Пярэбары“, „Зіма ў Парэччы“ і „На рэчцы“, і ў часопісі „Адраджэньне“ разьдзелы: „Каля зямлянкі“, „Новы лясьнічы“, „Падгляд пчол“ і „Дзядзька-кухар“.

Да гэтага часу зусім не друкаваліся: „За сталом“, „На першай гаспадарцы“, „На панскай службе“, „Таемныя гукі“, „На глушцовых токах“, „Панская пацеха“, „Вялікдзень“, „Дзедаў човен“, „Сэсія“, „Начаткі“, „Вечарамі“, „Воўк“, „Коляды“, „Летнім часам“, „Агляд зямлі“, „Дырэктар“, „Сьмерць Міхала“.

Калі з погляду парадку напісаньня параўнаць поэму Я. Коласа з повесьцю А. Міцкевіча „Pan Tadeusz“, дык прыметнай падобнасьці паміж імі ў гэтых адносінах мы ня ўгледзім. Як вядома, А. Міцкевіч пачаў свой галоўны твор у канцы 1832 г. і скончыў яго ўжо ў пачатку 1834 году (гл. K. Król Jan Nitowski. Historya Literatury Polskiej, s. 299). Больш падобнасьці да працы Коласа ў гэтых адносінах мелі-б „Dzіady“ А. Міцкевіча.