Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

проста робіць М. Гарэцкі ў другім выданьні сваёй „Гісторыі беларускае літаратуры“ (стар. 160: „aпісаньні па сваёй сіле стаяць побач з вялікімі творамі, як „Евгений Онегин“ А. Пушкіна і „Pan Tadeusz“ А. Міцкевіча“).

Калі трымацца крытыка-літаратурнага мэтоду Карскага, дык у нас ужо ў парадку напісаньня твораў маюцца некаторыя падставы для параўнаньня паміж романам „Евгений Онегин“ і поэмай „Новая зямля“: як і „Сымон Музыка“, новая поэма славутага беларускага поэты напісана з перапынкамі.

Тут на падставе зьвестак, атрыманых ад самога аўтара, магчыма заўважыць наступнае.

Свой твор Я. Колас пачаў пісаць яшчэ ў 1911 г., калі ён быў у Менскім вастрозе. Тады былі напісаны гэткія разьдзелы поэмы: I. „Лясьнікова пасада“, II. „Раніца ў нядзелю“, III. „За сталом“, IV. „На першай гаспадарцы“, V. „Пярэбары“, VI. „Дзядзька-кухар“, VII. „Сьмерць лясьнічага“, XXVII. „Па дарозе ў Вільню“, XXVIII. „Дзядзька ў Вільні" і XXIX. „На Замкавай гары“ і пачаты пісаньнем XIV разьдзел — „Дырэктар“.

Потым дзеля розных акалічнасьцяй, галоўным чынам, сусьветнай вайны, праца спынілася аж да 1919 году.

У 1919 г., знаходзячыся „далёка ад межаў родных“, у Курскай вёсцы, аўтар зноў пачаў пісаць пра „родны край“. Тады быў напісаны XVIII разьдзел — „Зіма ў Парэччы“.

Да 1920 г. належыць XIX разьдзел — „На рэчцы“.

У 1921 г., калі аўтар знаходзіўся ўжо ў айчыне, напісаны разьдзелы: IX. „Новы лясьнічы“, X. „На панскай службе“, XIII. „Падгляд пчол“, XXI. „Таемныя гукі“, XXII. „На глушцовых токах“, XXIII. „Панская пацеха“, і XXIV. „Вялікдзень“.