Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

МЕСЦА ЯНКІ КУПАЛЫ У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ.

(Купала і Шэўчэнка).

„Я увидел, что муза Шевченки раздирала завесу народной жизни. И страшно, и сладко, и больно, и упоительно было заглянуть туда! Поэзия всегда идет вперед; по ее следам идут история, наука и практический труд“.Н. И. Костомаров.

Пісаць аб месцы пісьменьніка ў межах пэўнай літаратуры, — гэта значыць, папершае, рабіць супаставу паміж ім і яго папярэднікамі, сучасьнікамі і наступнікамі ў межах гэтае літаратуры, а падругое — паказваць аднакія або, прынамсі, падобныя фэномэны ў галінах іншых літаратур.

Калі ставіць гэта пытаньне ў стасунку да Янкі Купалы, дык можна казаць, што яго месца ў межах беларускай літаратуры параўнальна з іншымі папярэднімі пісьменьнікамі было зусім выразна вызначана ўжо першымі выступленьнямі яго ў беларускай літаратуры.

Тутака паказальна тое, што поэта выступае проста ад імя беларускага селяніна, забітага, прыгнечанага ратая, якога, аднак, адзначае прызнаньне сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасьці і самасьвядомасьць:

Я мужык-беларус,
Пан сахі і касы…