Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV аддзел „Спадчыны“ мае сваёй тэмай агульна чалавечыя мотывы.

Падобныя-ж мотывы можна знайсьці і ў іншых беларускіх пісьменьнікаў, асабліва ў Міхася Грамыкі, які з лічбы сучасных пісьменьнікаў больш за ўсё, як тыповы прадстаўнік інтэлігенцкага складу думкі і настрояў, збліжаецца з інтэлігентамі нашаніўскае пары.

Разьвінуць гэтую лінію агульна-чалавечых мотываў — чарговае заданьне беларускіх пісьменьнікаў у бліжэйшы момант, і выпаўненьне гэтага заданьня пашырыць шлях да збліжэньня беларускай і агульна-пролетарскай культур.

Ёсьць і яшчэ адзін шлях для збліжэньня гэтых культур.

Сучасны момант характэрызуецца ня толькі адшукваньнем новага культурнага зьместу, але разам з тым утварэньнем новых форм культурнага будаўніцтва. У літаратурнай галіне гэтае імкненьне знаходзіць сабе праяву ў вынаходжаньні новых відаў і стыляў поэтыцкай творчасьці. Старыя стылі „акадэмічнай“ поэзіі ўжо даволі пастарэлі і ня могуць здаволіць бурнаму і жваваму зьместу рэволюцыйнай творчасьці. Адгэтуль знаходзяць сабе пэўны сэнс спробы Маякоўскага і яго таварышоў па „Лефу“.

Для беларускіх літаратараў можна прызнаць вельмі дадатным, што яны захапіліся гэтым імкненьнем рэволюцыйнай поэзіі, як сьведчаць аб тым апошнія поэмы М. Чарота і вершы Ц. Гартнага, А. Александровіча і інш. І гэтыя поэмы і вершы, паасобку, даюць перакананьне, што ў мэтах дасяганьня новых пекных форм поэтыцкай мастацкасьці перад беларускай рэволюцыйнай поэзіяй адчыняюцца шырокія і вельмі прывабныя прасторы.

Полымя“, 1924 г., № 2 (10).