Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Узвышша“ магла прапусьціць гэты выбрык на старонкі часопісі?

Выбрыкам па адрасу крытыкаў твораў Ц. Гартнага пачынаецца артыкул Кундзіша, выбрык па гэтаму-ж адрасу знаходзім і ў канцы артыкульца. „Ведаю“, — піша Кундзіш, „што на гэты артыкул будзе шмат нападкаў з боку штатных прыхільнікаў поэзіі Гартнага. Даю ім поўнае права перакуліць мае палажэньні і давесьці адваротнае. Буду вельмі рад, але я ўпэўнены, што гэта ім ня ўдасца“. Можна разупэўніць крытыка ў яго пераконаньні: ніхто і не падумае сур‘ёзна лічыцца зартыкулам Кундзіша. Ёсьць рэчы, нападаць на якія ня вельмі прыстойна, згодна прыказкі „не чапай, — сьмярдзець будзе“. І артыкул Кундзіша сам па сабе зусім ня варты таго, каб быць об‘ектам нападак. Ён набывае інтарэс толькі ў сувязі з агульным пытаньнем аб мэтодах і прыёмах нашае крытыкі, як паказальнік адмоўнасьцяй крытыкі.

Найбольш звычайны для Кундзіша прыём крытыкі — падтасоўваньне паасобных вершаў. Гэты ганебны прыём падмацняецца прыёмамі набрэхваньня і простай дыфамацыі. Пры гэтым Кундзішу ўласьціва і скажэньне тэксту.

Такімі вось спосабамі аналізуе крытык работніцкую лірыку Гартнага. Дыфамуючы і набрэхваючы, ён хоча давесьці, што ў пасьлярэволюцыйных вершах поэты ня можна „прасачыць магутнага ўздыму, які ахапіў рабочыя масы ў гэты кругабег“. „Наадварот“, кажа крытык, Ц. Гартны і ў гэты час малюе працу рабочага ўсё тымі-ж змроклымі згушчанымі фарбамі, што і ў „Песьнях гарбара“:

Мруць яны
У духаце,
У стоме, у поце.
Лезе ў вочы
Пыл, смурод…