Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адносна „Практычнага расійска-беларускага слоўніка“ трэба заўважыць, што часта бяз дайпрычыны прыпісваюць аўтарам гонар перакладу чужаземшчыны на беларускую мову. Уласных аўтарскіх перакладаў тутака зусім нязначны процант. Напрыклад, на літару „А“ ўсяго за ўсё перакладзены самастойна: „аквариум — воднік“, „алименты — утрыманьне“, „анафема — праклён“, „антиподы — проціножнікі“, „антипатия — нялюбасьць“, „атлет — барацьбіт“ і „аэродром — лётнішча“, „аэроліт — паветраны камень“. І толькі. А тымчасам пераважная большасьць слоў на літару „А“ складаецца якраз з слоў чужаземных. У асноўным і цэлым „Практычны расійска-беларускі слоўнік“ ўгрунтаваны на: матерыялах „Беларускай навуковай тэрмінолёгіі“.

Другое выданьне слоўніка значна палепшана ў параўнаньні з першым, як здаецца мне, у тых адносінах, што выкінуты лішнія чужаземныя словы і наогул даюцца больш пераклады чужаземных тэрмінаў, а ня гэтыя апошнія ў беларускай транскрыпцыі. Такім спосабам, тутака выяўляецца тая-ж самая тэндэнцыя, што і ў літаратурнай тэрмінолёгіі. На мой асабісты погляд, гэтая тэндэнцыя найбольш за ўсё адпавядае інтарэсам разьвіцьця нашай літаратурнай мовы. Аднак, яна не падабаецца ня толькі аднаму тав. Шульману. За тое ня хваліць слоўнік і проф. П. Бузук у сваёй рэцэнзіі на старонках „Маладняка“ (№ 7-8 за 1926 г.)

„Ня зусім добрае ўражаньне пакідае, — піша ён — імкненьне аўтараў перакласьці па магчымасьці ўсе чужаземныя словы на беларускую мову. Гэта „шышкоўшчына“ часам даходзіць проста да сьмешнага. „Гинеколог“ перакладзена „жаночы лекар“; чаму-ж тады „вэтэрынар“ аўтары не перакладалі „быдлячы лекар“, а