Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачынае пісаць не падручнікі, ня слоўнікі, а бэлетрыстычныя творы. Нельга адмаўляць таго, што зьместам апавяданьняў Гарэцкага служаць падзеі дарэволюцыйнага часу, але паколькі тутака адбіваецца ўціск паноў над прыгнечанымі сялянамі, яны сваячасны і маюць выхаваўчае значэньне для пролетарыяту. Запіскі-ж „На імпэрыялістычнай вайне“, у свой чарод, кладуць пачатак сур‘ёзным формам беларускай прозы рэальнага кірунку.

Урэшце, мова М. Гарэцкага, як народная мова, падобная, па сваёй блізкасьці да провінцыяльных гутарак, на мову Ц. Гартнага, мае значную вагу для сформаваньня нашай літаратурнай мовы.

Асобна сярод зборнікаў прозаічных твораў за 1926 год можна паставіць зборнік Кузьмы Чорнага „Пачуцьці“ і „Хвоі гавораць“.

У свой час: з выхадам з друку ў выданьні „Маладняк“ зборнічкаў „Апавяданьні“ і „Срэбра жыцьця“ (Менск, 1925 г.), Кузьма Чорны падаваў сур‘ёзныя надзеі, як пісьменьнік рэалісты, адароны назіральнасьцю над фактамі жыцьця і добрай, лёгкай мовай.

Цяпер, ня факты, а пачуцьці — ў цэнтры ўвагі аўтара,

Якія-ж і чые пачуцьці?

„Музыка сьціхла, а пасьля зноў зьявілася. Яна выявіла скаргу чалавека, які заставіў гэтыя зыкі бегчы ў сьвет. Скаргу на тое, што ня бачыць ён у сьвеце таго, чаго бачаць у той-жа час другія і што мінулае не варочаецца. Жыць-жа гэтым мінулым, калі яно толькі мінулае — цяжка. Зыкі перайшлі пасьля ў глыбокую журбу“.

Гэтак чытаем у першым апавяданьні зборніка аб пачуцьцях „Вечар“.

Глыбокая журба — гэтае пачуцьцё нібыта чырвонаю істужкаю праходзіць праз апавяданьні К. Чорнага. Журыцца аўтар, журыцца і ные, ные без канца…