Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такім спосабам, сам поэта выдае сябе за беларускага сатырыка, і за ім асталявалася ў некаторых колах нашага грамадзянства рэпутацыя „Беларускага Дзямяна Беднага“.

Зборнікі Крапівы „Асьцё“ ў вершах і „Апавяданьні“ ў прозе, што вышлі ў „Кніжніцы Маладняка“, таксама выяўляюць прад намі імкненьне аўтара заняць стан беларускага сатырыка (ляпей было-б сказаць — шаржыстага).

Да гэтага часу ад пякучкі-крапівы больш за ўсё даставалася сучаснай вёсцы, бо на фоне вясковай цямноты, някультурнасьці і напружанай барацьбы старога і новага быту цьмяныя бакі рачаіснасьці асабліва выразна кідаюцца ў вочы. Але я маю пэўнасьць, што ў далейшым гэтая-ж самая крапіва напячэ і абармотам з гораду і датыркнецца да цьмяных бакоў і пролетарскага быту.

Няма сумненьня ў тым, што Крапіва ёсьць не абы-які пісьменьнік сярод сучасных беларускіх пісьменьнікаў, і яго зборнікі, якія вышлі з друку ў 1925 г., трэба лічыць каштоўным здабыткам нашае літаратуры.

Зарэцкі, Нёманскі і Крапіва — вось зоркі, якія пачалі яскрава мігціць з мінулага году і ўвайшлі ў нашую літаратуру не паасобнымі эпізодычнымі творамі, а цэлымі зборнікамі твораў, аб якіх ня можа не гаварыць літаратурная крытыка.

З лічбы гэтых пісьменьнікаў Зарэцкі і Крапіва — пісьменьнікі маладнякоўскага лягеру.

Пэўны поступ у 1925 г. выяўляецца і наогул з боку маладнякоўцаў.

Выразам гэтага поступу, ня кажучы ўжо аб часопісі „Маладняк“, зьяўляецца „Кніжніца Маладняка“, якая да пачатку 1926 г. налічвае ўжо да 20 выпускаў. Нават маладнякоўцы, хоць і колектыўна, зрабілі спробу напісаць больш менш монумэнтальны