Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

твор, цэлы роман „Ваўчаняты“, продукт творчасьці трох аўтараў.

Аднак, трэба зрабіць і некаторыя ўвагі аб гэтых посьпехах.

Папершае, хоць у выданьнях маладнякоўцаў, бязумоўна, ёсьць талентна напісаныя рэчы (як, напр., вершы Чарота, Пушчы, Дубоўкі, Труса і інш.), але ў іх ёсьць і шмат тандэтнага матэрыялу. Такі матэрыял знойдзецца амаль што ў кожным выпуску „Кніжніцы“. З гэтага погляду я знаходжу часткова няўдачнай самую ідэю „Кніжніцы“. Калі на кожнага аўтара адводзіцца спэцыяльны выпуск, дык ня дзіва, што аўтар, каб запоўніць адведзены яму асабіста лік аркушаў, пушчае ў друк свае нявынашаныя і неапрацаваныя творы. А гэтая спакуса асабліва моцная для маладых пісьменьнікаў. Вось чаму ў Якімовіча, напр., амаль што зусім няма „багатых“ рытмаў, недахопы ў рытміцы знойдзем і ў Труса, і ў Пушчы і ў інш. поэтаў. Здавалася-б, што лепей было-б, замест „Кніжніцы“, выдаваць зборнікі „Маладняка“ на манер хоць-бы, тых зборнікаў, якія выдае група „Звенья“. Шлях зборнікаў — гэта самы натуральны шлях маладых поэтаў. Толькі тады будзе пэўная забясьпека ад тандэтнасьці. Свае-ж абліччы, якія маюцца на вокладках „Кніжніцы“, маладыя поэты, калі гэта дужа патрэбна, маглі-б бачыць на старонках зборнікаў.

Падругое, значным бракам большасьці вершапісцаў з лягеру маладнякоўцаў зьяўляецца мова, — адарваная ад народнай глебы.

Недарма з лёгкай рукі Дубоўкі маладнякоўскія поэты пачалі даваць тлумачэньні-лексыконы да сваіх твораў. Тутака вялікая розьніца паміж пачынальнікам маладнякоўскага руху М. Чаротам і яго працягальнікамі. Наколькі добрая, ясная, зразумелая мова першага, настолькі цьмяна пішуць другія. Хіба мова аднаго Труса блізкая да мовы народнай.