Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кожны літаратурны твор, а таксама злучнасьць гэтых твораў — літаратуру, магчыма аналізаваць з розных пунктаў погляду, зьвяртаючы ўвагу на той або іншы элемэнт, які прадстаўлены ў літаратурных творах.

Перш-на-перш зьяўляецца зразумелым нацыянальны элемэнт. Кожны літаратурны твор ужо з боку мовы зьяўляецца праявай творчасьці пэўнай нацыянальнасьці. Апрача мовы, нацыянальны элемэнт знаходзіць сабе выраз і ў іншых рысах літаратурнай творчасьці: поэта-пісьменьнік апісвае „родныя зьявы“, творыць нацыянальныя тыпічныя образы, выяўляе нацыянальныя ідэі, пачуцьці і імкненьні. Напр., творы А. Пушкіна і Л. Талстога, дзе абмаляваны расійскія нацыянальныя тыпы і выражаны расійскія нацыянальныя пачуцьці і імкненьні, зьяўляюцца праўдзівымі расійскімі нацыянальнымі творамі. З другога боку, А. Міцкевіч бязумоўна ёсьць нацыянальны пісьменьнік польскага народу. Нацыянальны элемэнт становіць сабою неабходную прыналежнасьць кожнай літаратуры, хоць і выяўляецца ў розных фазах разьвіцьця літаратурнай творчасьці ў рознай, большай або меншай, меры. Звычайна, у асабліва моцнай меры выяўляецца ён у пачатку культурнага разьвіцьця народу, у момант абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці, калі народ самавызначае сябе, як самастойную адзінку. Гэта зразумела і з чыста псыхолёгічнага погляду: перш, чымся зьвяртацца да сусьветных мотываў, — мотываў, якія маюць агульна-чалавечае значэньне і выражаюць лінію разьвіцьця па-за нацыянальнай культуры, кожны народ павінен усьвядоміць свае „родныя зьявы“ і выкарыстаць свае родныя нацыянальныя мотывы. Таксама ўзмацняецца нацыянальны элемэнт літаратуры, калі народу прыходзіцца цярпець ціск з боку іншых нацыянальнасьцяй.

У такія моманты зноў абуджаецца нацыянальнае пачуцьцё, якое шукае сабе выхаду перш-на-перш у