Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА Ў ЯЕ АДНОСІНАХ ДА АГУЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ ПРОЛЕТАРЫЯТУ.

Пытаньні, якія паўстаюць у адносінах да зьяваў літаратубнай творчасьці больш, чымся іншыя культурна-акадэмічныя пытаньні, маюць жыцьцёвы практычны характар. Яны выклікаюцца самым жыцьцём, а іх разьвязаньне вызначае шлях разьвіцьця літаратуры, які найбольш адпавядае запатрабаваньням жыцьця і пабудове грамадзтва. У сучасны момант, калі галоўным чыньнікам грамадзтва зьяўляецца пролетарыят, і на першым пляне павінны стаяць культурныя запатрабаваньні пролетарскай клясы ў цэлым, як міжнароднага злучэньня працоўных мас, зусім натуральным і зразумелым зьяўляецца пытаньне аб адносінах беларускай літаратуры да агульнай культуры, пролетарыяту. Гэта значыць, што беларуская літаратура павінна ацэньвацца, як фактар ня толькі нацыянальнага, але і агульна-пролетарскага значэньня. Больш конкрэтна: ацэнка твораў беларускага прыгожага пісьменства ня можа абмяжоўвацца цікавасьцямі толькі пролетара-беларуса; трэба прымаць пад увагу, наколькі гэтыя творы здавальняюць культурным цікавасьцям і запатрабаваньням пролетараў іншых, як прыкладам — расійскай, польскай, яўрэйскай і г. п. нацыянальнасьцяй.

Якія даныя знойдуцца для вырашэньня пастаўленага пытаньня ў самой беларускай літаратуры?